Home Духовная статья Цi Бог адказвае кожны раз?

Цi Бог адказвае кожны раз?

by Andrei

Калі мы думаем пра атрыбуты Бога, адно, што прыходзіць нам на думку, — гэта Ягоная вернасць. У шматлікіх месцах Бібліі згадваецца Божая вернасць людзям. Напрыклад, старазапаветнаму ізраільскаму народу было сказана: «Дык вось, ведай, што Гасподзь, Бог твой, ёсць Бог верны, Які захоўвае запавет і літасць да тых, хто любіць Яго і шануе наказы Ягоныя, да тысячы родаў» (Друг. зак. 7:9). І яшчэ адно месца: «Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся: з міласці Госпада мы не зніклі, бо не вычарпаўся Яго мілажаль: ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасць Твая!» (Плач Ерам. 3:21-23).

Мы перакананыя, што Бог сапраўды справядлівы і верны. Ён даў нам столькі цудоўных абяцанняў, і з тае прычыны, што Ягоная вернасць не адступае, мы верым, што любое Ягонае абяцанне будзе Ім выканана. І сапраўды, шмат хто з нас можа засведчыць, што Бог адказаў на нашыя малітоўныя просьбы, бо застаецца верным Сваім абяцанням. Узнімаецца нейкая патрэба — мы звяртаемся да Бога, просячы Ягонай дапамогі, і прошанае намі своечасова здараецца. Бог адказвае на нашую просьбу, і мы дзякуем і славім Яго за Ягоную вернасць нам. Але пачакайце, я тут жа хацеў бы паставіць пытанне: ці Бог адказвае кожны раз так, як мы просім? Думаецца, што мала хто з нас скажа, што Ён адказвае на нашыя малітвы стопрацэнтна паводле выказаных намі жаданняў. Так, бываюць тыя моманты, калі мы просім, каб Ён тое ці другое ўчыніў у нашым жыцці, але не ўсё выконваецца менавіта так, як мы прасілі. Думаецца, што ў кожнага з нас бываюць такія моманты, калі мы просім аднаго, а выходзіць нешта іншае або нічога не зменьваецца. Нашыя малітвы не атрымваюць таго адказу, якога мы шукалі і прасілі. І гэта падахвочвае нас пытацца, чаму Госпад гэтым разам не адказаў на маю малітоўную просьбу, як раней? Ці нешта я не так зрабіў, можа, не так выказаўся Яму? У чым тут прычына?

Вось адзін звычайны прыклад: вернік захварэў, ён некаторы час ляжыць у ложку, але здароўе не паляпшаецца. Ён звяртаецца да членаў царкоўнай брацкай рады, просячы іхняга малітоўнага ўдзелу і падтрымкі. Бо ці ж не пішацца ў Пасланні багаслова Якава так: «Ці занядужаў хто з вас? Хай пакліча прасвітэраў царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Гасподняе, і малітва веры ацаленне дасць хвораму, і падыме яго Гасподзь; і калі ён учыніў грахі, даруюцца яму» (Якава 5:14-15)? Калі тут жа гаворыцца, што Бог ацэліць хворага, ці гэта значыць, што кожны раз Бог выздаравіць яго? Старэйшыны прыходзяць да хворага верніка, выконваюць над ім малітву з памазаннем алеем. Вернік таксама моліцца, просячы выздараўлення і выказваючы сваю веру і надзею на Госпада. Браты вяртаюцца дадому, але хворы вернік не здаравее. Бывае так, што ён нават і памірае. Чаго тут бракуе? Ці ж Бог не верны Свайму слову? Як усё гэта зразумець?

Некаторыя адкажуць, што ў верніка нестае веры. Значыць, уся бяда ў самім чалавеку, бо Бог заўсёды гатовы адказаць на любую малітву Сваіх дзяцей. Ці ж не пішацца ў Пасланні да Філіпянаў: «Бог мой няхай адшкадуе вам на любую патрэбу вашую» (4:19)? Але на самай справе не заўсёды так выходзіць. Напрыклад, вернік знаходзіцца ў цяжкім фінансавым становішчы, у яго не хапае сродкаў пакрываць усе расходы, а тыя, каму трэба заплаціць, патрабуюць платы. Вернік моліцца, чакае, але дапамога не прыходзіць яму. Ніхто не дае пазыкі, ніхто не ахвяруе сродкаў. Чаму Бог не адказвае на выказаную ім патрэбу? І выходзіць, што чым даўжэй мы жывём, тым яснейшай становіцца тая рэчаіснасць, што Бог сапраўды не адказвае на ўсе нашыя патрэбы, як нам хацелася б. Мы ўяўляем Божую вернасць так, а выходзіць нешта іншае. У чым тады заключаецца вернасць Госпада Бога? Як яе разумець?

У адзінаццатым раздзеле Дабравесця паводле Яна мы чытаем пра адно здарэнне, калі Ісусу Хрысту было сказана, што Ягоны добры сябра Лазар захварэў і ляжыць у ложку. Ягоныя сёстры папрасілі, каб Ісус адведаў іх як найхутчэй, але Збавіцель затрымаўся на некалькі дзён. За гэты час Лазар памёр ад сваёй хваробы, і, калі Хрыстос нарэшце прыйшоў, цела Лазара ляжала ў магіле чатыры дні. Сястра Лазара, Марфа, сустракае Хрыста, калі Ён набліжаецца да яе хаты, і выказвае Яму сваё расчараванне, кажучы, што Лазар не памёр бы, калі б Хрыстос прыйшоў да ягонай смерці. Хрыстос прыгадаў ёй, што брат яе ўваскрэсне і што кожны, хто верыць у Яго, Збавіцеля Хрыста, уваскрэсне з мёртвых. Пазней Ён з сёстрамі Лазара прыходзіць да магілы і бачыць, што тыя, хто стаіць каля магілы, плачуць. Ён таксама заплакаў. Цікава, чаму? Я таго погляду, што, калі Збавіцель праслязіўся, Ён выказаў Сваю маркоту з прычыны чалавечых цяжкасцяў і перажыванняў. Пры гэтым выпадку Ён сумаваў па смерці Лазара. Хрыстос прыйшоў позна дзеля таго, каб паказаць прысутным, што Ён таксама адчувае боль і смутак, як усе людзі, і Сваімі слязамі выказаў прысутным і сёстрам Лазара Сваё сардэчнае спачуванне. Пасля гэтага Ён паклікаў Лазара, і той уваскрэс з мёртвых і выйшаў жывым. Аднак нельга забываць, што пасля некаторага часу Лазар зноў памёр і ўваскрэсне да вечнага жыцця, калі прыйдзе Збавіцель Хрыстос забраць Сваіх вернікаў, як пішацца ў іншых месцах Святога Пісання.

Што з гэтага здарэння паказваецца нам пра вернасць Бога? Менавіта тое, што пры нашых цяжкасцях і пакутах Ён прысутнічае з намі і адчувае той боль, які мы пераносім. Ён спачувае нам і ходзіць разам з намі, умацоўвае нас, каб мы маглі вытрываць пакуту. У кнізе Ісаі чытаем прадказальныя словы: «Сам Гасподзь дасць вам азнаку: вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму: Эмануіл» (Іс. 7:14); і, калі мы чытаем аб нараджэнні Ісуса Хрыста у Дабравесці паводле Мацвея, там растлумачваецца, што назва «Эмануіл» нясе значэнне «Бог з намі». У Хрысце Бог прыйшоў да нас, людзей, але, пасля таго як Ісус вярнуўся назад да Свайго Нябеснага Айца, Ён прыйшоў і сёння прыходзіць да нас у выглядзе Духа Святога. Сваім вучням Ён сказаў: «Лепей вам, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Суцешнік не прыйдзе да вас; а калі пайду, дык пашлю Яго да вас. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык наставіць вас на ўсякую праўду: бо не ад Сябе будзе гаварыць, а будзе гаварыць, што пачуе, і будучыню агалосіць вам; Ён праславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам» (Яна 16:7, 13-14).

Гэта праўда, што, калі мы молімся і просім у Бога таго ці другога, Ён няраз адказвае на нашыя просьбы, але не заўсёды. Паважаны брат або сястра ў Госпадзе, можа, найвялікшы цуд не ў тым, што Ён адказвае на нашыя малітоўныя просьбы, а ў тым, што Ён заўсёды з намі, дзе б мы ні былі. Вось у гэтым, як мне здаецца, Ён даказвае, што верны Сваім дзецям. Ці ж не сказаў Ісус Хрыстос: «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мацв. 28:20)? І мы можам быць поўнасцю ўпэўненыя, што Ён сапраўды з намі, калі мы сустракаем усялякія складанасці і цяжкасці. Вернасць Госпада праяўляецца Ягонай прысутнасцю з намі, як сказана ў трынаццатым раздзеле Паслання да Гэбрэяў: «Майце нораў несрэбралюбны, задавольвайцеся тым, што ёсць. Бо Сам сказаў: “Не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе”» (Гэбр. 13:5).

Будучы людзьмі з пэўнымі патрэбамі, мы хутчэй за ўсё хацелі б мець такога Бога, Які дабраслаўляў бы нас добрымі і прыемнымі рэчамі, ці тое аздараўленне, ці большая мера шчасця або сродкаў. Калі мы рашылі прыйсці да Бога, дык у большасці выпадкаў, напэўна, мала хто з нас думаў пра вернасць Бога і пра тое, што гэта ў сапраўднасці значыць. І чым больш мы жывём і бачым, што не заўсёды Госпад Бог адказвае на нашыя патрэбы, як нам хочацца, тым больш мы павінны разумець, што Ягоная вернасць нам не ад гэтага залежыць. І вось гэтая рэчаіснасць часамі нас непакоіць, бо ўпачатку мы такога Бога не выбіралі. Паважаны брат або сястра, мабыць, Ён мае для цябе і мяне іншыя мэты, якія адрозніваюцца ад таго, што мы хацелі б мець для сябе. Не забудземася словаў, напісаных апосталам Паўлам: «Упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую дзею, будзе завяршаць яе да дня Ісуса Хрыста» (Філіп. 1:6); а гэта значыць, што Госпад з цябе і мяне вырабляе асаблівых людзей для Сваіх, не для нашых асабістых, мэтаў. Памятайма словы Божыя, запісаныя ў кнізе прарока Ісаі: «Мае думкі — не вашыя думкі, вашыя шляхі — не Мае шляхі, кажа Гасподзь. Але як неба вышэй за зямлю, так дарогі Мае вышэй за дарогі вашыя, і думкі Мае вышэй за думкі вашыя» (Іс. 55:8-9). Дык не будзем думаць, што Бог не верны Сваім дзецям. Ён з намі заўсёды і гатовы ўмацаваць нас, калі ўзнікае патрэба. Ці Ён будзе адказваць на кожную просьбу, выказаную намі — вось гэта не ад нас залежыць, а ад Яго. Ён можа адказаць або не адказаць паводле нашых жаданняў, але гэта не значыць, што Ён не з намі. Будзьма радавацца і дзякаваць Яму за Ягоную прысутнасць і духоўнае ўмацаванне. Найвялікшы цуд у тым, што Ён сапраўды з намі!

Юрка Рапецкi