Мы жывем у апошнія часы. Веруючыя чакаюць, што вось-вось прыйдзе Ісус за Сваёй Царквой. Веруючыя будуць забраныя з зямлі. Усе астатнія прыйдуць на суд. Цяпер, як ніколі, вельмі шмат прыкметаў апошняга часу. Біблія піша: «…у астатнія часы некаторыя адступяць ад веры, слухаючыся духаў спакушаючых і навук дэманавых» (1Цім. 4:1). Усім людзям, якія здольныя аналізаваць, якія ўважліва ставяцца да жыцця, відавочна, што навокал памнажаецца грэх. Колькі злосці, колькі нянавісці ў людзей адзін да аднаго! Колькі раздражнёнасці, колькі няўстрыманасці! Няма міласэрнасцi ў наш час. Нават сярод тых, хто верыць ў Бога, няма еднасці, адныя толькі раздзяленні, сваркі, спрэчкі. Біблія сведчыць, што гэтак будзе перад другім прышэсцем Ісуса Хрыста . Другі раз Ісус Хрыстос прыйдзе на зямлю не ў абліччы безабароннага немаўляткі, а ва ўсёй Сваёй славе, Ён прыйдзе як Цар цароў і будзе судзіць усіх людзей за ўсе іх ўчынкі. Ісус прыйдзе на землю ў суправаджэнні легіёнаў святых ангелаў. Госпад Ісус пераможа сатану, які перад прышэсцем Ісуса ўсталюе сваю ўладу над усёй зямлёй, і прымусіць усіх невыратаваных людзей пакланяцца Сабе.
Цяпер сапраўды апошнія часы. Якое падзенне маралі мы зараз назіраем! Як ніколі, зараз раcквітнела сексуальная разбэшчанасць. Распуста ўжо выдаецца за норму. Сродкі масавай інфармацыі, кіно і друк апраўдваюць і выстаўляюць напаказ самыя нізкія пачуцці, гвалт. Якая жахлівая зараз статыстыка разводаў! За ёю тысячы скалечаных лёсаў, жыццёвыя трагедыі, дзеці-сіроты. Грэх расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Людзі імкнуцца толькі да грошай, да багацця, толькі для сябе, не дбаюць пра астатніх, пра слабых і нямоглых. Толькі і чуваць: «Грошы… цэны… цэны… грошы…» Няшчасныя людзі. У іх думкі толькі пра матэрыяльнае, пра душу яны не думаюць. Яны бачаць недахопы іншых, а свае не заўважаюць. Біблія сведчыць нам, што ў апошнія часы людзі будуць слухаць «духаў спакушаючых і навук дэманавых». Сатана ведае, што яму мала часу засталося, і ён актывізуе сваю дзейнасць. Каб не трапіць у яго пастку, трэба ведаць метады яго дзейнасці: гэта падман, хлусня, дэзінфармацыя, гвалт. Распаўсюджваюцца ілжывыя рэлігіі і культы, аўтар якіх — сам сатана. І вельмі многія недасведчаныя душы трапляюцца на кручок ворага душ чалавечых. Гэта азначае пагібель. Дарэчы, ўзгадаць словы з Бібліі прарока Осіі: «Знішчаны будзе народ Мой з-за недахопу ведання», — так сказаў Сам Гасподзь. Ілжывыя рэлігіі, як бы іх не маскіраваў сатана, лёгка пазнаць. Яны характэрныя тым, што прызнаюць і прапагандуюць тэорыю так званай рэінкарнацыі, ці перасялення душ (маўляў, калі чалавек памірае, то яго душа перасяляецца ці ў іншага чалавека, ці ў жывёлу). Гэткая тэорыя не мае пад сабой абсалютна ніякага навуковага грунту. Але прыхільнікі яе спрабуюць гэтую тэорыю ўсяляк абгрунтаваць. Яны прыводзяць некалькі прыкладаў, называюць канкрэтныя дадзеныя, напрыклад, нейкага чалавека забілі, а потым, кажуць, яго душа перасялілася ў хлопчыка, i той хлопчык падрабязна расказаў гісторыю жыцця таго чалавека і, калі праверылі, то ўсё, што ён расказваў, адпавядала рэчаіснасці. На першы погляд гэта праўдападобна. Але справа ў тым, што душа чалавека, калі ён памер, ідзе ці ў пекла, ці ў рай. Душа чалавека на зямлі не можа заставацца, тым больш не можа перасяляцца ў іншых людзей альбо жывёл. «Дык, а як жа тэорыя?» — запытаеце вы. Усё не так, як нам падносяць. Уваходзіць у чалавека і ў жывёлу могуць толькі духі. Гэтай практыкай займаюцца ангелы цемры — нячыстыя духі. Дык вось, у дадзеным прыкладзе ў чалавеку жыў нячысты дух, які ведаў усе сакрэты і таямніцы чалавека. Калі чалавека забілі, то яго душа пайшла ў пекла (бо толькі ў грэшнікаў жывуць нячысцікі). А дэман выйшаў з цела і перасяліўся ў хлопчыка. Калі дэман усяляецца ў чалавека, то такі чалавек становіцца апанаваным. Вось як гэты хлопчык, які расказаў гісторыю жыцця іншага чалавека.
Так што тэорыя рэінкарнацыі — гэта тэорыя, якая зыходзіць ад нячыстых духаў, ад сатаны. І ўсе рэлігіі, якія прызнаюць гэтую тэорыю, — сатанінскія. Людзям, якія верылі ў гэтыя тэорыі, з’яўляліся прыхільнікамі гэтых рэлігій, трэба пакаяцца, звярнуцца да веруючых ў Госпада Ісуса Хрыста, каб тыя дапамаглі ім ачысціцца. Як правіла, людзі, якія мелі дачыненне, захапляліся або цікавіліся ілжывымі рэлігіямі, надалей у сваім духоўным жыцці маюць вялікія праблемы.
previous post