Міла адчувала сябе дрэнна ўжо даўно. Праўда, калі была толькі адна гандлёвая палатка, праца прадпрымальніка здавалася ёй цікавай, перспектыўнай і нават захапляючай. Дзякуючы швагру Толі, былому чыноўніку, яна хутка прыдбала і яшчэ адно гандлёвае месца на людным рынку ў цэнтры сталіцы. Тым болей, што яе група інваліднасці вельмі спрыяла вырашэнню ўсіх арганізацыйных праблем. А затым — яшчэ адно, пасля — яшчэ…
І вось пасля чацвёртай пляцоўкі яна раптам па-сапраўднаму пачала разумець, што групу проста так не даюць і што яна сапраўды хворая. Нягледзячы на ўсе немалыя грошы, якія даваў ёй бізнес, Міла сур’ёзна не лячылася: рукі не даходзілі. А хворыя сэрца і кроў з узростам патрабавалі ўсё болей і болей ўвагі. Муж дапамагаў, але толькі ў бізнесе. На яе здароўе ён звяртаў няшмат увагі. Пабудавалі адну кватэру, затым — другую. Потым займелі і трэцюю. І яны несліся па жыцці, як тыя ганчакі, што здабываюць зайцоў… Разгарачаныя. З шалёнымі агеньчыкамі ў вачах. Ім шанцавала. І яны хапалі, хапалі скарбы жменямі, напаўнялі кішэні, торбы, мяхі, кватэры… Не горш за «суперлато»!
Праўда, часам была перадышка. На дзень-другі. Ездзілі на дні нараджэння, проста ў госці. Запрашалі да сябе. У Мілы — сястра. А ў мужа — ажно трое братоў ды сястра. Выпівалі. Як без гэтага? Праўда, Міла ўжывала толькі сухое віно, як і яе швагер. Менавіта да яго яна ездзіла ахвотней, бо там ніколі не прымушалі. І яшчэ там спявалі. А Міла вельмі любіла спяваць беларускія народныя песні!
Яшчэ яна вельмі любіла спрачацца. Асабліва з Толем, бо ён нядаўна падаўся ў баптысты, а яна лічыла гэта здрадай Беларусі. Міла была праваслаўная, родам з Беласточчыны: насіла нацельны крыжык, паліла свечкі, давала «бацюшку» запіскі з малітоўнымі просьбамі. І назло Толі заўсёды брала свой крыжык і цалавала, цалавала жоўты халодны метал… Яна лічыла гэта найвышэйшым праяўленнем і доказам сваёй веры. Часам яна клалася ў шпіталь на чарговае абследаванне і лячэнне. І гэта была таксама перадышка — санаторый. Бо ў сапраўдны санаторый яна за сваё жыццё так ні разу і не з’ездзіла. Скарбы не адпускалі: падрамантавалася трохі і — зноў на дыстанцыю… Ізноў не ўпусціць шанц пабагацець. Але, калі падраслі дочкі, яна раптам разгубілася. Ні адной, ні другой ўжо фактычна гатовы бізнес аказаўся непатрэбны. Не, патрэбны. Але толькі ў сэнсе атрымаць ад мамы шыкоўную кватэру пад ключык, не затраціўшы дзеля гэтага ні воднай кропелькі свайго поту.
Міла было абрадавалася, калі выйшла замуж старэйшая. Думала: можа, хоць зяць будзе дапамагаць. Але той не пацягнуў такую справу, спалохаўся. А працаваць з кожным днём рабілася ўсё складаней і цяжэй. Ўсё болей мудрагелістымі станавіліся падаткі, розныя правілы, пастановы, указы…
Але канчаткова дабіла Мілу малодшая. Узяла ды з’ехала ў Амерыку, кінуўшы прэстыжны інстытут пасля трэцяга курса. Грошы за вучобу як на вецер… Колькі не прасіла вярнуцца, не прыехала. І кватэра стала ёй непатрэбная. Міла зусім страціла сон з-за яе. Так разлічвала на малодшую: здольная, хуткая, хвацкая… Во, і там ужо на вадзіцельскія правы здала, ганяе па Тэхасу на «Мустангу». У дадатак да англійскай авалодала яшчэ і іспанскай мовай. Хутка выбілася ў намесніцы гаспадыні рэстаранчыка. Такая б дапамога была! Муж, канешне, мог болей дапамагаць. Але баіцца кідаць працу на дзяржаўным прадпрыемстве. Ды й дырэктар крамы як-ніяк! А здароўе ўсё здавала… У гэты жнівеньскі вечар ёй раптам як ніколі раней стала не хапаць паветра. Шум у патыліцы нарастаў. Яна кінула свае кіёскі на сяброўку, сваю намесніцу, і хутчэй памчалася дахаты. Думала, што трохі паляжыць, адпачне ды адыйдзе. Раней жа гэта дапамагала. Доктара чамусьці не выклікала, спадзявалася, што абыйдзецца. Але да ночы стала зусім дрэнна. Яна ўжо слаба ўяўляла, што з ёю адбываецца… Муж таксама ўсур’ёз не ўспрыняў ейны стан: думаў, што стане лягчэй. Як звычайна, параіў прыняць ванну. Але, калі ўжо ў ванне яна пачала траціць прытомнасць, тэрмінова выклікаў хуткую дапамогу. «Хуткая» ехала ажно паўтары гадзіны…
Міла змагалася… Беларускія прадпрымальнікі загартаваныя: заўсёды ў змаганні. Прытомнасць да яе то вярталася, то ізноў некуды адыходзіла, уцякала, і яна правальвалася ў бездань… Але прасіла, прасіла… У гэтыя кароткія імгненні свядомасці, яснасці, прасветленасці яна прасіла толькі Яго: «Дапамажы, дапамажы… калі ласка, я не хачу, мне нічога не трэба… Ім не трэба. І мне таксама… Уратуй мяне, калі ласка, Госпадзе Ісусе…» Пасля гадзіннага запозненага змагання «хуткай дапамогі» сэрца Мілы спынілася…
Адпяваць яе муж завёз да бацюшкі ў царкву каля Паўночных могілак. Толя стаяў са сваімі сваякамі над дамавінай з бледным целам братавай, зусім нядаўна такой вясёлай аптымісткі… Тут жа стаяў брат — цяпер ужо ўдавец, а побач з ім — лепшая сяброўка Мілы, якая проста прыляпілася да яго… Толя, як у тумане, глядзеў на іх і яскрава ўяўляў у ёй новую гаспадыню шматлікіх кіёскаў ды кватэраў. І толькі залаты крыжык адзінока блішчэў на цяпер ужо бяздушным целе былой гаспадыні. «Міла, дзе цяпер тваё сэрца?» — шапталі Толевы вусны. //
Мiкалай Кiйка