Home Актуальный вопрос Сакрэтны код

Сакрэтны код

by Andrei

Аліна ніяк не магла ўстаць з падлогі… Колькі часу яна ляжала? Не памятала. Стала холадна. Не. Не тое, што холадна. Яе бралі дрыжыкі. Але не ад холаду: нервы былі, як напятыя струны. І лягчэй не рабілася. Паціху пачала аднаўляць у памяці ўсю хаду падзей.

…Спачатку Аліна не паверыла сваім вачам: сейф, які, па словах Барыса, не даступны для чужых, быў адчынены! Так. Адчынены. І — пусты! Трыста тысяч долараў, што пасля заручын падараваў ёй Барыс на дробныя расходы, зніклі. У Аліны пацямнела ў вачах, сэрца быццам спынілася. Нейкі час была як спаралізаваная.

Не адразу яна заўважыла запіску на сейфе. Тэкст чытала доўга, бо зрок зрабіўся слабы, а часам прападаў. «Дура! Спасибо за деньги. Хоть и недорого он тебя оценил, но мне сгодятся. Советую собрать тряпки в торбу и мотать в свой Минск, пока я добрая. Борис — мой. Я его первая жена и — единственная».

«Атрымліваецца, што ў сейфе быў яшчэ сакрэтны код, ключ, які ведала толькі ягоная ранейшая гаспадыня, першая жонка Барыса, — нейкая Анджэла, што прыляцела некалі «заваёўваць» Маскву ці то з Каўказу, ці то з Крыму», — здагадалася Аліна.

Яна яшчэ раз перачытала запіску. У апошніх сказах яскрава гучала пагроза ў яе адрас. І ёй упершыню стала сапраўды страшна. За жыццё… Цяпер ужо не толькі за сваё, бо яна зацяжарала ад Барыса. І гэта атрымалася адразу, даволі хутка пасля пачатку іх блізкіх адносін. І вось зараз ёй пагражаюць! Аліна ведала, што Анджэла за сваю згоду на развод атрымала ад Барыса некалькі мільёнаў. Так. Зялёных. І жыла апошнім часам недзе пад Парыжам. Мела велізарныя фінансавыя магчымасці. Магла, як кажуць, «заказаць» Аліну хоць дзесяць разоў.

— Барыс! Дарагі, дзе ты?! Ратуй нас! — крык міжволі вырваўся з лёгкіх Аліны. Аж розгалас пайшоў гуляць па шматлікіх, але пустых пакоях шыкоўнага катэджа-палаца. Стала так нядобра, святло пачало некуды ўцякаць ад яе погляду. І яна правалілася ў нябыт…

…То колькі часу яна тут ляжыць? Прыехала яшчэ да абеду. А зараз сонца ўжо хілілася да захаду. Туды, дзе радзіма. Дзе засталіся бацькі, мінскія інтэлектуалы. Дзе хоць і не такая вялікая, але свая кватэра…

Аліна доўгі час не магла зразумець, чаму ёй так холадна. І толькі зараз заўважыла самае жахлівае. «Гэтага не можа быць! Як жа так? Толькі не гэта, я проста не вытрываю!» — у галаве ажно зазвінела ад віхуры думак. І сапраўды, тое, што здарылася, было страшней за страту грошай: кроў проста залівала яе, сцякаючы па нагах. Нават чаравікі былі ў крыві! «Колькі ж я страціла ўжо? Мне канец! Калі толькі нехта не дапаможа! — бліснула думка. — Але які сэнс жыць?! Дзіця ўжо загінула! Грошы я страціла, не зберагла! Я поўная разявака і прастушка. Барыс, пэўна, мяне кіне!» — дакарала сябе Аліна. Слёзы не з’яўляліся, бо было проста невыносна. Не хапала сіл на слёзы!

Жыццё стала пралятаць перад вачыма Аліны ясна і хутка: родны Мінск, бацькі-прафесары, школа з залатым медалём, акторскі факультэт Акадэміі мастацтваў Беларусі, чароды паклоннікаў, каханы яшчэ са школьнай парты Лёня. Леанід… Дзе ён зараз? Відаць, сядзіць суткамі ў сваёй лабараторыі ў радыётэхнічным. На смешных рублях, за якія можна толькі пару разоў у нармальным рэстаране паабедаць… Ды бегае штонядзелі ў Малітоўны дом да баптыстаў ці евангелістаў: для Аліны ўсе яны былі сектанты.

— Прапашчы ты чалавек, Лёня! — казала яму не аднойчы Аліна пад час нячастых сустрэчаў…

— Але зараз прападаю я! — стагнала ад бяссілля яна. Мара пакарыць Маскву засела ў яе галаве пасля таго, як неяк пагасцявала там у сваёй інстытуцкай сяброўкі. І тая пасля іх удзелу ў адной з элітных тусовак сказала: — Аліна! А ты са сваімі талентамі магла б тут зрабіць сапраўдны фурор, мець выдатную кар’еру, купацца ў золаце.

Бо крутыя мужыкi клююць на такiх, як ты… Так Аліна апынулася ў пятнаццацімільённым мегаполісе. З Барысам пазнаёмілася на адной з прэзентацый. Вакол яго круцілася яшчэ некалькі даволі моцных прэтэндэнтак. Ды і жанаты ён быў да гэтага не раз! Жонкі, хоць і былыя, ды дзеці ад іх, нешта ды значылі.

Барыс проста разрываўся. І калі з Алінай адбылася блізкасць, то ён разлічыўся з ёй проста па-каралеўску: купіў аднапакаёўку ў адным з мікрараёнаў Масквы. Лічыў, што больш нічым не абавязаны гэтай занадта маладой для яго дзяўчыне.

Але пасля такога «поспеху» імпэт актрысы з Мінску распаліўся не на жарты. Яна вырашыла, што б гэта ёй ні каштавала, «узяць» Барыса, стаць ягонай законнай жонкай. Таму атакавала яго неадступна. Звярнулася нават да маскоўскіх псіхолагаў, чарадзеяў, экстрасэнсаў. Патраціла тысячы долараў, но Барыс не паддаваўся.

Але нарэшце Аліну чакаў поспех: Барыс рашыўся пайсці з ёй на рэгістрацыю шлюбу. Адбыліся заручыны, і Аліна атрымала ад яго вось гэтыя вялікія грошы. Безумоўна, галоўную ролю ў такім выніку адыграла яе цяжарнасць ад Барыса, а не намаганні магаў. Барыс не мог дапусціць пазашлюбнага нараджэння свайго дзіцяці. Але Аліна ўсё роўна лічыла, што без чараўнікоў гэтага б не было…

І вось маленькага, іх крывінкі, няма! Зараз Аліна зразумела, і вельмі ясна, што над шлюбам, над іх каханнем з Барысам вісіць смяротная гільяціна. Жыць не хацелася. Яна з разгубленасцю глядзела зараз на ўсіх гэтых «абаронцаў-абярэгаў» (амулеты), якімі былі абвешаныя яе рукі, шыя, нават ногі… Яны бяздзейнічалі! “І за гэтую непатрэбшчыну я заплаціла тысячы долараў! — проста ўз’юшылася Аліна. — Іх толькі ўзяць ды павыкідаць!” Першым Аліна адкінула бранзалет, потым туды ж паляцелі астатнія амулеты ды кулоны.

Яна зразумела раптам, што ніякія чарадзеі зараз ёй не дапамогуць! Што ж рабіць?! «А можа… можа, хоць нешта засталося? Можа, я дрэнна праверыла ў сейфе?» — працягвалі роем мітусіцца ў галаве Аліны думкі.

Яна з неверагодным намаганнем, стогнучы, прыўзнялася на локаць левай рукі, а правай пачала мацаць у шуфлядах… Ёсць! Што гэта? Яна пацягнула прадмет… Скарбонка? Брашурка ўпала з шуфляды каля яе галавы. Евангелле?! «Навошта яно мне? Што цяпер з гэтага чытання? Мне патрэбны канкрэтныя прапановы аб тым, што рабіць!» — раздражнёна падумала Аліна. Але нейкая няведамая сіла цягнула яе разгарнуць маленькую кніжачку, якую неяк падараваў ёй Леанід «Ну, добра. Што там? — падумала Аліна і, адгарнуўшы на выпадковым месцы, прачытала: — «Не збірайце скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць, але збірайце сабе скарбы на небе». Гэта ж пра мяне, — пазнала яна, і словы нястрымана паліліся з яе грудзей, як і слёзы з вачэй: — Госпадзе, прабач мае правіны! Уратуй маё жыццё! Я буду верная толькі Табе, толькі ўратуй мяне!…»

…Крокі некалькіх чалавек, што беглі па лесвіцы катэджа, набліжаліся да Аліны. Яна ўся сцялася: «Мне канец, яны мяне заб’юць! — і зноў пачала маліцца: — Ісус! Толькі Ты…» Яе маленне перапыніў знаёмы голас ахоўніка Мішы: — Ты не адказвала на званкі! Але мы не маглі трапіць у дом: ты ж зачынілася. І мы лічылі, што тут бандыты, таму блакавалі дом. Пацярпі, Аліна, хуткая дапамога будзе праз колькі хвілін.

Аліна ляжала ўжо на насілках «хуткай». Але Евангелле з рук не выпускала. Спакой і надзея на шчасце напаўнялі яе сэрца. //

 

Мiкалай Кiйка