Нарадзілася я ў весцы на Гомельшчыне. З ранняга дзяцінства спазнала нялегкую сялянскую працу. Адметныя знакі ад сярпа засталіся на ўсё жыцце на маіх пальцах… Але такая акалічнасць не засмучае, наадварот, радуе. Бо дзякуючы працы «да сёмага поту», мы, вясковая дзятва, выраслі працавітымі і ўмелымі.
Колькі сябе памятаю, у нашу хату заўсёды зазіралі суседзі, аднавяскоўцы. І не для таго, каб нешта пазычыць або папрасіць, а каб пагаманіць, параіцца з маей матуляй. Знаходзілі прыстанак у нас і жабракі. Напрыклад, адна жабрачка, цётка Марыля, пражыла ў нас цэлы год. Потым яна перайшла жыць у іншую вёску да адзінокай жанчыны.
Жылі мы не надта багата. Маці — удава, адна гадавала нас з братам. Яна заўседы вучыла нас стараннасці, сумленнасці, добразычлівасці, паважлівасці да людзей.
— Не рабіце благога і не бойцеся нікога, — часцяком паўтарала маці. — Людзям не рабіце дрэннага.
Сэнс гэтых слоў зразумела ўжо тады, калі стала дарослай. І самае цікавае тое, што розныя мудрыя выслоўі, пачутыя ў дзяцінстве ад маці, знайшла потым у Бібліі. Бо гэтай мудрай кнігі тады яшчэ ў нас не было. Зусім ! Аб ёй заставалася толькі марыць у тыя часы. Дык адкуль жа ўзяліся мудрыя словы ? Хто іх гаварыў, дзе былі пачуты ?
Даведалася, што іх таксама любіў паўтараць мой родны дзед, якога я ніколі не бачыла (рана памёр). Вось так беражліва з вуснаў у вусны і перадаваліся мудрыя словы. А Біблія, дарэчы, з’явілася ў нашай кватэры толькі ў 1991 годзе. Але, як кажуць, лепей пазней, чым ніколі. Святая Кніга адразу стала добрым сябрам і дарадцам.
Мае пакаянне ў грахах адбылося на бальнічным ложку. Нечакана адчула: штосьці ў маім жыці не так, як мае быць. Хоць і не ўжываю гарэлкі, не куру, не раблю благога, але чаму неспакойна на сэрцы? Паплакаўшы, прыйшла да высновы: трэба не крыўдаваць на зайздроснікаў, зласліўцаў, а пажадаць ім дабрыні. Павініўшыся ды папрасіўшы прабачэння ў Госпада, вырашыла набірацца цярплівасці, разважлівасці, чуллівасці.
Атрымліваючы ганарары за публікацыі ( я тады яшчэ не працавала карэспандэнтам), ахвяравала бедным жабракам, дасылала мастацкую літаратуру ў дзіцячыя дамы. І самае цікавае тое, што мае знаемыя адрэагавалі на такія ўчынкі па-свойму ды называлі мяне белай варонай. Але не крыўдавала. Бо, відаць, не дадзена было ім зразумець, што кожны чалавек — гэта цэлы свет ! І кожны — індывідуум. Мы павінны не глядзець адзін на аднаго, а ствараць атмасферу спагады, павагі, міласэрнасці і непаўторнасці асобы.
У свой час працавала на будоўлі, каб «зарабіць» кватэру. Атрымаўшы невялічкую аднапакаёўку, забрала да сябе маму. Жывем цяпер разам.І няма ў нас шыкоўнай мэблі, машыны, дачы і тоўстага кашалька. Гэта не галоўнае.Нікому не зайздросцім, імкнемся хоць чымсьці дапамагчы родным або чужым людзям. Дзякуем Госпаду за ўсе тое, што нам наканавана на гэтай зямлі: і за добрае і за дрэннае. Радуемся жыццю, роднай зямельцы, хараству прыроды. Нягледзячы на цяжкасці, гора і розныя выпрабаванні, не набылі зласлівасць ды аблічча звера.
Шкада, што многія нашы суайчыннікі забываюць сцяжыну да дабрыні, не імкнуцца да Бога. А носяць у сваіх сэрцах чорную энергію: зласлівасць, распусту, п’янства, жорсткасць…
Каб хутчэй адбылося духоўнае Адраджэнне, пэўна, трэба яшчэ шмат працаваць святарам, асветнікам, навукоўцам, паэтам і пісьменнікам. Не трэба заставацца ў баку і вернікам-хрысціянам. У рэшце рэшт, усе павінны зразумець ісціну, што нягледзячы на нацыянальнае паходжанне і веравызнанне, сацыяльны статус, мы дзеці Беларусі, дзеці аднаго айца Бога і Госпада Ісуса Хрыста. Вернікаў розных канфесій павінны аб’ядноўваць агульны клопат і інтарэсы, адзінае жаданне: зрабіць нашае нялегкае зямное жыцце больш радасным, шчаслівым, прыгажэйшым і святлейшым. Зрабіць усё магчымае, каб родная Бацькаўшчына стала квітнеючай і заможнай дзяржавай, заняла свой пачэсны пасад паміж іншымі народамі.
Г. Атрошчанка з Гомеля