Доброта
Home Духовная статья Быць добрым недастаткова

Быць добрым недастаткова

by Andrei

Многія людзі мяркуюць, што самае галоўнае ў жыцці — гэта быць добрымі і праяўляць сваю дабрыню да іншых людзей. Да таго ж, калі мы думаем пра існаванне Бога, дык дапушчаем, што і Ён таксама хоча, каб кожны быў добрым чалавекам, і за гэта Ён сваім часам узнагародзіць нас шчаслівым вечным жыццём. Апрача гэтага, мы ведаем, што людзі таксама прытрымліваюцца розных рэлігіяў, якія ў сваёй большасці дапамагаюць ім быць добрымі людзмі. У выніку таго многія лічаць, што ўсе рэлігіі прыводзяць людзей да аднаго і таго ж Бога і да шчаслівага вечнага жыцця з Ім.

Цікава слухаць людзей, калі пытаешся ў іх, ці яны лічаць, што пападуць у неба. У большасці выпадкаў яны адказваюць, што, як ім здаецца, яны накіроўваюцца туды. А калі задаеш пытанне, чаму так думаюць, дык адказваюць, што стараюцца жыць прыкладным жыццём, дапамагаць і служыць іншым, рабіць дабро людзям. Бог напэўна ўзнагародзіць іх за дабрыню да іншых людзей. Ясна, што добрых людзей Ён пасылае ў неба, а злых — у пекла. Але не раз цікавым аказваецца іхняе далейшае прызнанне, што не заўсёды яны бываюць добрымі. Як часта пачуеш: «У большасці выпадкаў я добры чалавек, хоць не дасканалы. Раблю памылкі». І выходзіць, што ў большасці выпадкаў мала хто скажа, што ён благі чалавек. Амаль што ўсе людзі кажуць, што яны, у асноўным, добрыя людзі з добрымі намерамі і ўчынкамі, таму калі Бог існуе, дык Ён напэўна ўзнагародзіць іх шчаслівым вечным жыццём ў Сваім Нябесным Царстве.

Доброта

А вось я хацеў бы тут жа закрануць і падняць пытанне: ці Бог сапраўды ўзнагародзіць нас, людзей, шчаслівым вечным жыццём на падставе нашай дабраты? Чаму вучыў Ісус Хрыстос адносна гэтага пытання? Чаму вучыць Біблія на гэты конт? Павінен сказаць, што Ісус Хрыстос і Біблія вучаць нечаму іншаму: менавіта, што не «добрыя» людзі ўспадкуюць шчаслівае вечнае жыццё ў Божым Нябесным Царстве, а грэшныя, у якіх грахі былі дараваныя Богам. Можа гэта пакажацца табе, паважаны чытач, нечаканым і крыху дзівосным, але так вучыў Ісус Хрыстос, і так вучыць Біблія, кніга хрысціянства. Паважаны чытач, дазволь мне дадаць, што я не кажу, што Бог не ўзнагародзіць добрых людзей і не пакарае злыдняў. Гэта Ён зробіць, але я тут жа толькі падкрэсліваю, што, калі хто думае, што мы, людзі, можам сваімі добрымі намерамі і ўчынкамі заслужыць шчаслівае замагільнае жыццё ў Бога, мы ў гэтым на самай справе памыляемся. Нідзе ў Бібліі не гаворыцца, што добрымі дзеямі мы заслугоўваем збавенне.

Сустракаюцца некаторыя праблемы з такім разуменнем. Напрыклад, калі мы ўспадкоўваем шчаслівае вечнае жыццё, выконваючы добрыя ўчынкі ў зямным жыцці, нам цяжка канкрэтна даведацца, у чым менавіта заключаецца дастатковая для Бога дабрыня? Канешне, мы можам казаць, напрыклад, што, калі даглядаем чалавека, які няздольны самога сябе даглядаць, вось гэта ўжо дабрыня. І сапраўды так. Але ці можам мы быць стопрацэнтна ўпэўненыя, што гэтага дастаткова, каб даць нам шчаслівае вечнае жыццё? А можа, гэтага яшчэ недастаткова? Мабыць, трэба больш рабіць? І колькі добрых учынкаў трэба выканаць, пакуль нашая дабрата не стане дастатковай для атрымання шчаслівага вечнага жыцця ад Бога? Вось пытанне! Апроч таго, не раз бывае, што, нягледзячы на нашую дабрыню, мы таксама грашым. Ці наш грэх касуе нашую дабрыню? Хто можа адказаць нам на такія пытанні? А гэта наводзіць яшчэ на наступнае: ці прыйдзе той момант у маім жыцці, калі я ўжо буду дагаджаць Богу заўсёды, ва ўсім?

У Пасланні да рымлянаў апостал Павал кажа: «Усе зграшылі і пазбаўлены славы Божай». Што гэта значыць? Усе мы, бяз вынятку, грэшнікі перад святым, маральна дасканалым Богам. У Бібліі гаворыцца: «Няма праведнага аніводнага». У шматлікіх месцах Свяшчэннага Пісання сустракаем загады, якія патрабуюць, каб мы рабілі тое ці іншае, але мы хутчэй за ўсё іх парушаем. Самыя вядомыя біблійныя загады — гэта Дзесяць запаведзяў. І нават іх мы парушаем.

Ёсць яшчэ адна праблема з разуменнем, што добрымі ўчынкамі мы ўспадкоўваем шчаслівае вечнае жыццё. Ісус Хрыстос вучыў, што Ён адзіны прыводзіць людзей да Бога і нашыя добрыя дзеі мусяць быць лепшымі за дзеі адных з самых рэлігійных людзей таго часу, фарысеяў. Вось Хрыстовыя словы на гэты конт: «Я — і шлях, і праўда, і жыццё; ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі цераз Мяне» (Ян. 14:6); «Кажу вам, калі праведнасць ваша не пераважыць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, дык не ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае» (Мацв. 5:20). Калі чалавек здабывае шчаслівае вечнае жыццё, выконваючы добрыя ўчынкі, дык працытаваныя словы Ісуса Хрыста аказваюцца непраўдзівымі альбо, прынамсі, памылковымі! Ці можам мы назваць Хрыста ашуканцам? Не думаецца. Ён аднойчы сказаў, што прыйшоў не дзеля праведнікаў, а дзеля грэшнікаў, якіх Ён заклікае да каяння і якім абяцае дараванне грахоў і ўваход у Божае Нябеснае Царства.

Мы сустракаем даволі цікавае здарэнне пры апошніх часах Хрыстовага жыцця. Па абодвух баках укрыжаванага Хрыста таксама былі павешаныя два зладзеі, якіх улады каралі за зробленыя імі злачынствы. Адзін з іх з горычам і крыўдай патрабаваў, каб Хрыстос праявіў Сваю вышэйшую моц, сышоў з крыжа і зняў яго таксама. Другі павешаны злодзей звярнуўся да першага і папракнуў яго, кажучы, што Хрыстос не заслужыў такой кары, якую яны заслужылі. Неяк гэты другі злодзей адчуваў, што Хрыстос бязгрэшны і святы чалавек, які прыйшоў ад Бога, і папрасіў, каб Ён памянуў яго, калі прыйдзе ў Сваё Царства. На гэта Збавіцель адказаў: «Праўду кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі» (Лук. 23:43). Уяві сабе, чытач, якое значэнне гэтае здарэнне мае для нас сёння? Злодзей, які прасіў міласці, не мог вярнуцца да нармальнага жыцця і даказаць Хрысту, што Ён сапраўды зменіцца ў характары і паводзінах. Часу на гэта ўжо не было. Яму засталося толькі паміраць. А вось, калі ён звярнуўся да Збавіцеля Хрыста з просьбаю, каб Той яго памянуў, Ісус адказаў, што прыйме гэтага грэшніка ў Сваё Нябеснае Царства. Добрыя ўчынкі тут не пры чым! Вера ў Збавіцеля Хрыста — вось гэта нясе самае крытычнае значэнне. У адным месцы Бібліі напісана так: «Кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца» (Рымл. 10:13). Паважаны чытач, ці ты паклікаў імя Гасподняе з просьбаю, каб Ён даў табе збавенне? Біблія вучыць, што кожны мусіць з такою просьбаю звярнуцца да Бога і Хрыста. У Дабравесці паводле Яна запісаны такія словы: «Бо так палюбіў Бог свет (а памятай, што ты уваходзіш у склад гэтага свету — прым. Ю. Рапецкага), што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыццё вечнае» (Ян. 3:16).

Вось гэтакім чынам мы ўспадкоўваем шчаслівае вечнае жыццё, шаноўны чытач. Ці гэта значыць, што добрыя ўчынкі не адыгрываюць ніякай ролі ў жыцці верніка? Адыгрываюць, безумоўна, і Госпадам патрабуюцца, але не дзеля таго, каб імі здабыць шчаслівае вечнае жыццё ў Божым Нябесным Царстве. Кожны з нас, які лічыць сябе добрым, або благім, перад святым і бязгрэшным Богам аказваецца грэшнікам, таму мы маем патрэбу ў дараванні грахоў. Калі хто з чытачоў пакуль што не звярнуўся да Хрыста і не папрасіў міласці, дзеля тваёй душы мы просім, каб ты гэта зрабіў. І пасля таго мы радзім табе звярнуць сур’ёзную ўвагу на Слова Божае, Біблію. Чытай Евангелле і са спадзяваннем на Госпада Бога выконвай усё, што там гаворыцца табе. Цераз Духа Святога Хрыстос прыйдзе да цябе і дапаможа жыць па-новаму, згодна з Ягонай воляй. //