Здзіўляешся, з якой лёгкасцю ў нашыя дні заключаюцца шлюбы і з якой яшчэ большай лёгкасцю яны касуюцца. Відавочна, што некаторую частку грамадства гэта нават не здзіўляе. Да гэтага прывыклі, з гэтым зжыліся, з гэтым не спрабуюць нешта рабіць; на гэта рэагуюць, як на перамену пагоды… Усё часцей жанчыны і мужчыны скардзяцца на адсутнасць кахання. Яно знікае. Многія пасля гэтага задаюцца пытаннем: а ці было яно наогул, калі я выходзіла замуж (калі я жаніўся)? Можа, і не было? Можа, гэта толькі падалося? Памятаеце народную прымаўку: «Шлюбы заключаюцца на нябёсах». Сатана ж робіць усё магчымае для таго, каб шлюб разбурыць, зруйнаваць.
Вырашаць праблему альбо пакінуць усё як ёсць — гэта выбар кожнага. І калі вы вырашыце, што жадаеце вярнуць любоў і каханне ў вашу сям’ю, то пачынайце сёння і зараз з малітвай і з Божай дапамогай. Дзіўныя выпадкі здараюцца падчас у жыцці. Хачу распавядаць чытачам пра некаторыя з іх, сведкай якіх была я сама.
Так, адна добрая знаёмая дзялілася сваімі ўражаннямі. Яна стала веруючай ужо пасля таго, як выйшла замуж. З мужам жылі нядрэнна, нават добра, калі ён… не выпіваў. А выпіць ён любіў. Не, жонку не біў, вакол хаты не ганяў. Але мяняліся ягоныя паводзіны, мяняліся і пачуцці. Алена (назавем яе так) заўважыла, што губляе тыя пачуцці да мужа, якія былі ў яе раней. Нават калі ён быў цвярозы, успаміны пра яго п’янага не давалі ёй спакою. Алена зразумела, што такая сітуацыя ненармальная, бо Бог — гэта Бог любові. Ён не хоча, каб сям’я разбуралася. І Алена вырашыла маліцца.
Яна ў прастаце прасіла Госпада: «Божа, дапамажы мне шчыра кахаць мужа і тады, калі ён выпіўшы. Дапамажы мне любіць яго заўсёды, і каб ён адчуваў гэта. Ты ведаеш, я не магу зрабіць гэта сама, без Тваёй дапамогі». Алена асабліва і не верыла, што Бог пераменіць яе пачуцці, вельмі ж прыкрым быў ёй муж падчас сваіх п’янак. Якое ж было яе здзіўленне, калі яна праз некаторы час заўважыла, што і п’яны муж для яе ніяк не менш любы і дарагі, чым цвярозы; ёй нават падалося, што да п’янага яна мае яшчэ большую любоў, чым да цвярозага. Ёй хацелася быць яму карыснай, дапамагчы, накарміць, абняць. І яна заўважыла, што муж стаў да яе прыглядацца, ласкавей з ёй гутарыць.
А аднойчы… калі Міхась прыйшоў дамоў «пад шафэ» і не мог добра трымацца на нагах, Алена сустрэла яго добрай усмешкай і прамовіла:
— Любы мой, я так цябе чакала. Табе дапамагчы распрануцца? Ты паясі? Гарбаты пап’еш?
Міхась пасаромлена апусціў галаву і ціха адказаў: — Дзякуй, Алена, нічога не трэба, я пайду спаць. Алене падалося, што на нейкі момант ён працверазеў.
Прайшло некалькі гадоў. Міхась стаў членам мясцовай царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Зараз ён прапаведуе Божае Слова. Алене і Міхасю ўжо за 50, у іх выраслі цудоўныя дзеці. Яны па-ранейшаму кахаюць і шануюць адзін аднаго, таму, гледзячы на іх, здаецца, што гэта двадцацігадовыя маладыя людзі, якія ўчора пажаніліся.
Мабыць, ты скажаш, дарагі чытач, што гэтая гісторыя больш падобная на казку. Але гэта быль. Зусім другое пытанне ў тым, а ці хочам мы самі, каб такія казкі здараліся ў нашым прыватным жыцці. Ці просім мы шчыра аб гэтым Бога, альбо жорстка вяршым свой уласны суд: «У мяне так не будзе, бо так проста не можа быць». I нават не спрабуем даверыць сваю сітуацыю, сваю праблему ў рукі Ўсявышняга.
Кацярына і Павел (58 і 64 гады) няверуючыя. Яны толькі-толькі пачынаюць прыслухоўвацца да таго, аб чым гаворыць Слова Божае. Кацярына паведала мне, што ўсё жыццё сумнявалася ў тым, ці кахае яе муж. Адказ прыйшоў нечакана, пяць гадоў таму.
Павел быў добрым, старанным работнікам, людзі яго паважалі. Ён любіў расказваць жонцы пра свае справы на рабоце, а Кацярына з задавальненнем яго слухала. «Толькі блакнот мой не чапай, у мяне там рабочыя запісы, вельмі неабходныя. Глядзі, не памый іх, калі будзеш мыць бялізну», — напамінаў раз-пораз Павел. Звычайна ён сам даставаў блакнот перад тым, як аддаць рэчы ў мыццё. Калі гэта рабіла Кацярына, то яна клала блакнот на Паўлаву тумбачку.
Аднойчы жаночая цікавасць перамагла. «Чаму гэта мне нельга зазірнуць у ягоны блакнот? Не з’ем жа я яго, а толькі пагляджу», — падумала Кацярына і адкрыла блакнот. Яна глядзела і не верыла сваім вачам. За празрыстай вокладкай быў яе фотаздымак. Ён неяк дзіўна знік праз год пасля яе з Паўлам вяселля. А ён вось дзе! Значыць, Павел увесь час насіў яго з сабой, дзе б ні быў. Як так?.. А на другі дзень, у дабавак да ўсяго, сустрэла ў магазіне Алеся, якi распявядаў, як яе муж Павел паказваў на рабоце калегам здымак сваёй любай жанчыны.
Кацярына, паслухаўшы Алеся, заспяшалася дамоў. У думках яна дзякавала Богу за мужа і за яго каханне да яе. Ніколі да гэтага яна так не размаўляла з Госпадам. Гэта стала пачаткам яе зносін з хрысціянамі.
Як часта мы ставім нашым любым умовы, пры выкананні якіх гатовы іх кахаць. На кагосьці ні пры якіх абставінах нельга павысіць тон голасу, камусьці не падабаецца зарплата мужа, кагосьці здзіўляе ягоны празмерны апетыт і гэтак далей. А калі не ставіць умовы, а проста кахаць? Безумоўна, не губляць пры гэтым пачуццё чалавечай годнасці, мець свой пункт гледжання на розныя рэчы. Але не ставіцца да сябе як да ахвяры, а проста на падставе Божага Слова, біблейскіх прынцыпаў будаваць сваё шчасце, змагацца за яго, і гэта кожны дзень, а не час ад часу.
Як вырашыць праблемы у веруючых сем’ях? Здаецца, у такіх сем’ях яны наогул не павінны ўзнікаць. Не павінны, але паўстаюць. Узнікаюць, калі мы не тушым іскарку незадавальнення альбо гневу тады, калі яна толькі ўспыхнула ў свядомасці, а даем разгарэцца кастру; калі так любім сябе, што не заўважаем, колькі прыгожага навокал, не ўмеем радавацца гэтым цудоўным дробязям паўсядзённага жыцця: шуму дажджу, кветкам, дзіцячаму смеху, паху пірага, прыгатаванага для мужа…
Мне вельмі да спадобы парада хрысціянскага псіхолага, жанчыны-прафесара Брэсцкага універсітэта, сем’ям, якія сустракаюцца з цяжкасцямі ва ўласным жыцці. Жанчына, калі ваш муж прыходзіць дамоў, сустракайце яго так і абыходзьцеся з ім так, як быццам бы да вас прыйшоў Ісус Хрыстос. Мужчына, калі вы прыходзіце дамоў, абыходзьцеся з жонкай так, як бы абыходзіўся з ёю Iсус Хрыстос. Вы так спрабавалі?
Некаторыя шаноўныя чытачкі могуць сказаць: «О, вы не ведаеце маіх абставін. Ні адна хрысціянка не змагла б паводзіць сябе па-хрысціянску і дабіцца кахання ад мужа ў маіх абставінах». Так, ёсць розныя абставіны, і не заўсёды можна атрымаць адказы на балючыя пытанні ў прэсвітэраў і хрысціянскіх псіхолагаў. Вы моліцеся, чытаеце Біблію, але здаецца, што дарэмна. Магчыма, адказы на некаторыя пытанні мы атрымаем толькі ў Нябеснай Айчыне і ў нябесным Ерусаліме.
Але задумайцеся яшчэ і яшчэ раз: вы на самай справе спрабуеце вашу праблему вырашыць з Госпадам ці не даяце Яму дзейнічаць, намагаючыся справіцца самастойна? Не падманіце сябе. А яшчэ, ніколі не губляйце надзеі, радуйцеся жыццю. Ёсць столькі падстаў для гэтай радасці, хіба не так?! Чытайце Слова Божае і суцяшайцеся, бо вялікі і цудоўны Бог — гэта Бог любові, Бог цярпення і суцяшэння. Кахайце і будзьце каханымі. //
Малена Грыгор’ева