Надзея нас трымае

Чым больш старэю, тым больш усведамляю, што цяжка заставацца поўнасцю шчаслівым і задаволеным зямным жыццём. Чаму так кажу? Таму што бачу гэта перад сваімі вачамі і сам гэта перажываю. Напрыклад, у адной шлюбнай пары, знаёмай мне, муж нядаўна перажыў сардэчны прыступ і ляжыць у бальніцы. Ужо прайшло нямала часу, але ён знаходзіцца ў непрытомным стане. Лекары лічаць, што пры сардэчным прыступе мазгі былі пашкоджаныя. Жонцы сказалі, што, па ўсёй верагоднасці, ённе будзе карыстацца нармальнымі разумовымі і фізічнымі здольнасцямі. Затым, другая шлюбная пара пакутуе тым, што ў жонцы лекары знайшлі пухліны на грудзях і пасля даследавання даведаліся, што яны ракавыя. Страціла яна грудзі, а цяпер праходзіць цэлы рэжым хіміятэрапіі, але з таго шмат пакутуе. Усё ў жанчыны баліць: скура, косці, і яна пераносіць страшэнныя галаўныя болі. Думаецца, што такіх сітуацыяў у чалавецтве процьма, пра якія мы нават і не ведаем. Жыццё нашае перапоўнена ўсялякімі расчараваннямі, нясцерпнымі хваробамі, моцнымі болямі і пакутамі. Дзе ж наш усялюбны і дбайны Бог?

Біблія пацвярджае, што нашае пакутаванне Бог бачыць і таксама лічыць гэта ненармальным становішчам. Бог ніколі не намерваўся мець такі свет пакуты, у якім мы сёння знаходзімся, але чалавечае непаслушэнства і грэх увайшлі в Эдэмскі сад і закранулі кожнага з нас, без вынятку. Згодна з вучэннем апостала Паўла, ў восьмым раздзеле Паслання да Рымлянаў (вершы 20-22), з таго часу ўсё стварэнне «скарылася марнасці… енчыць і пакутуе», чакаючы таго часу, калі будзе «вызвалена з рабства тлення». І вось гэта застаўляе нас пытацца: ці Бог сапраўды страціў кантроль над Ім створаным светам? Адказ вельмі просты: ні ў якім разе! Можа, цяперашні свет не плянаваўся Госпадам Богам быць такім, якім мы сёння бачым яго, але гэта толькі сведчыць аб тым, што ў будучыні Ён зменіць існуючы свет, каб у новым заўсёды панавалі памыснасць, дабрабыт і шчаснасць. У восьмым раздзеле Паслання да Рымлянаў апостал гаворыць аб ролі хрысціянскае надзеі ў чаканні будучага справядлівага свету. Ён цвердзіць, што «стварэнне з надзеяй чакае сыноў Божых» і «мы ўратаваныя праз надзею» (Рымл. 8:24).

Значыць, пры нашым чаканні хрысціянская надзея мусіць трымаць нас у спакойнасці. Калі чытаеш пра надзею на старонках Бібліі, дык пачынаеш разумець, што гэта ёсць перакананне, паводле якога прызнаецца, што дабрашчасны свет, які павінен быць, сапраўды станецца. Бог увядзе той стан поўнай справядлівасці і праведнасці, дзе ніхто не будзе пакрыўджаны, ніякага болю ніхто не будзе перажываць і мы будзем жыць у міры з Богам і з іншымі людзьмі. Калі спадзяёмся на Бога і на верагоднасць Ягонага абяцання, гэта заспакойвае нашыя душы і дапамагае нам сустракаць сённяшнія перажыванні без лішняй роспачы і боязі. У Бібліі надзея апісваецца і перадаецца нам у двух выглядах.

Гэта паняцце, якое існуе і працуе ў нашых сэрцах, але яно таксама знаходзіцца за межамі нашай псіхікі. Унутры нас надзея выражаецца нашым асабістым жаданнем і чаканнем на штосьці лепшае. Мы жадаем вызваліцца ад перажыванняў і пакутаў і чакаем таго моманту, калі Божая сіла сапраўды вызваліць нас ад такога. У пятым раздзеле Паслання да Рымлянаў апостал Павал кажа, што мы былі апраўданыя Божай мілатой і цяпер маем мір з Ім, таму і «хвалімся надзеяю на славу Божую», што павінна адкрыцца ў нас у будучыні (Рымл. 5:1-5). І гэтая надзея нават дазваляе нам хваліцца нашымі пакутамі, бо яны ператворацца ў радасць нам, калі прыйдзе за намі наш Збаўца Ісус Хрыстос. «Цяперашнія часовыя пакуты нічога не вартыя ў параўнанні з тою славаю, якая адкрыецца ў нас», — заяўляе апостал (Рымл. 8:18).

Значыць, мы магчыма пакутуем цяпер, але тым самым умацоўваемся ў выніку таго, што спадзяёмся на будучае вызваленне Госпада Бога. Той час вызвалення ад жыццёвых цяжкасцяў мы бачым толькі вераю, але нашае перакананне асноўваецца на будучай рэальнасці, што сапраўды прыйдзе час вялікага вызвалення. Ва ўсім гэтым фігуруе найважнейшы факт, што Ісус Хрыстос ужо прыйшоў ад Бога, пражыў зямным жыццём і быў забіты, але ўваскрэс з мёртвых і ўзнёсся назад да Свайго Нябеснага Айца. Ён вернецца на зямлю і прывядзе ўсё ў парадак, згодна з Божай воляй. Ён вызваліць нас ад усякай пакуты і перажываньня. У Кнізе Адкрыццё сказана гэтак: «Утрэ Бог кожную слязіну з вачэй іхніх, і смерці не будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо не будзе; бо ранейшае прайшло. І сказаў Той, Хто сядзеў на троне: “Вось твару ўсё новае”. І кажа мне: “Напішы, бо словы гэтыя праўдзівыя і слушныя”» (Адкр. 21:4-5). Значыцца, калі Ісус Хрыстос вернецца, наш хворы свет ператворыцца ў Богам жаданы і запланаваны рай. Нічога грэшнага там жа не будзе, мы станемся поўнасцю апраўданымі людзьмі і будзем вечна жыць з Богам і Хрыстом. Нажаль, часам мы сумняваемся ў ягонай верагоднасці. У тыя моманты знаходзімся пад моцным уплывам нашых цяперашніх абставінаў, шчаслівых і нешчаслівых. Напрыклад, адбываюцца ў нашым жыцці добрыя і прыемныя рэчы, што даюць нам меру радасці. А ў выніку таго мы перастаём спадзявацца на Божыя абяцанні. З другога боку, непрыемныя абставіны вядуць нас у нейкую маркоту і дэпрэсію. Цяжкасць цяперашніх абставін, аддаленасць нашага будучага вызвалення і несвядомасць аб Божай прысутнасці ў нашым жыцці прыводзяць нас да расчаравання і не даюць нам спадзявацца на Госпада і на Яго абяцанні. Як пазбягаць такога стаўлення да Божай праўды? Вось што трэба рабіць. Па-першае, нельга дазваляць абставінам жыцця вызначаць, што будзе ў будучыні. Інакш кажучы, нам трэба не падавацца памылковаму ўплыву непрыемных для нас абставін. Калі цяжкія абставіны выцясняюць здаровае ўяўленне Бога, нам трэба звяртацца да Госпада і Ягонага слова, каб пачуць Ягоныя абяцанні і рупнасць па нас. Па-другое, нельга паддавацца паняццю, што мой дабрабыт залежыць ад таго, што я не пераношваю ніякага болю. Будучы людзьмі, мы часта так думаем, але для дзіцяці Божага боль і жыццёвыя цяжкасці выконваюць сваю неабходную ролю. Менавіта, Бог дазваляе іх дзеля таго, каб мы развіваліся і ўмацоўваліся ў Хрыстовай постасці, у Ягоным характары. Па-трэцяе, будзьма думаць аб Божай дабрыні.

Калі мы сустракаем жыццёвыя цяжкасці, дык часта перастаём думаць пра ўсе тыя добрыя рэчы, якія Бог зрабіў і працягвае рабіць для нас. Згодзен, жыццё не заўсёды лёгкае. Але ці Бог калісьці нас пакінуў ці проста забыўся пра нас? Ніколі! Таму будзьма думаць пра Ягоную дабрыню і дзякаваць Яму за ўсё, што Ён пасылае і дазваляе ў нашым жыцці! Па-чацвёртае, памятайма, што мы жывём дзеля неба. Часам нам здаецца, што цяперашняе жыццё – гэта ўсё, што ёсць, але Слова Божае кажа нам: Бог падрыхтаваў для нас нябесную спадчыну, дзе будзем радавацца на ўсю вечнасць, калі застанёмся вернымі Яму да самай смерці. Тыя людзі, якіх я ў пачатку артыкулу прыгадаў, з’яўляюцца вернікамі. Ім цяжка ўсё пераносіць, але я ведаю, што кожны з іх моцна верыць у Бога і спадзяецца на Ягоную дапамогу. Яны будуць змагацца супраць тых хваробаў, але больш за ўсё чакаюць таго моманту, калі будуць вызвалены ад усякіх боляў, перажыванняў і хвароб. У якім бы стане мы з вамі ні былі, паважаныя сябры, самая верная надзея з нашага боку можа класціся толькі на Бога. Калі гэтага не маеш, звярніся да Яго сёння і пачынай спадзявацца на Яго! Ён дасць табе пэўную надзею.

Юрка Рапецкi