Практычная любоў у сямейным жыцьці

Ці так здарылася з табой, паважаны чытач, што ты не палюбіў сваёй сям’і. Я ведаю, што ў большасьці выпадкаў мы ўсе любім жонку, мужа і сваіх дзяцей. Але кожны з нас перажывае такія моманты, калі нам хацелася б неяк пазбавіцца сям’і і жыць асобна, бо замест радасьці і спакою падымаюцца сваркі і нязгоды. Як любіць сям’ю, калі ня хочацца?
Біблія дае адказ на гэтае пытаньне веруючаму чалавеку. У трэйцім разьдзеле Пасланьня да Каласянаў мы чытаем словы апостала Паўла гэтакія: «Апранецеся… у міласэрднасьць, добрасьць, мудрую пакору, лагоднасьць, доўгую цярплівасьць, паблажаючы адно аднаму і даруючы ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Хрыстос дараваў вам гэтак і вы, а найболей апранецеся ў любоў, якая ёсьць сукупнасьць дасканаласьці» (Кал. 3:12-14). Хрысьціянін мусіць апрануцца ў любоў. І на самай справе гэта значыць, што ён апранаецца ў міласэрнасьць, добрасьць, пакору, лагоднасьць, доўгацярплівасьць і падобнае. Ніхто з нас сам па сабе ня можа апрануцца ў такія слаўныя і жаданыя рысы. Гэта можа даць нам толькі Бог цераз Духа Сьвятога, Які жыве ў кожным сапраўдным веруючым. Такія якасныя рысы даюцца таму хрысьціяніну, які ў пакоры слухаецца Бога і просіць Ягонага ўдзелу ў хрысьціянскім жыцьці. Бог ёсць любоў, як мы чытаем ў Бібліі, г. зн. Ён ёсьць крыніца сапраўднай бескарысьлівай любові. І мы, будучы грэшнымі людзьмі, маем вялікую патрэбу ў Божай любові, асабліва ў дачыненьні да нашага сумеснага сямейнага жыцьця.
Апостал таксама сьцьвярджае, што нам трэба дараваць адно аднаму, калі нешта ня так або грашым. На якой аснове? На той, што Бог праз Хрыста прабачае нас, калі мы каемся і верым у ахвярную сьмерць Хрыста на крыжы. Часамі мы няправільна прабачаем адно аднаго ў сям’і. Значыцца, мы ў адзін момант даруем камусьці, а пасьля прыпамінаем і прыгадваем таму, каго мы быцам прабачылі, аб учыненай ім правіннасьці. Ці-ж гэта можа быць сапраўдным прабачэньнем? Наўрад! Калі прабачаеш, дык трэба і забыцца аб зробленным праступку. Бог кажа: «Я буду міласэрны да няпраўдаў іхных і грахоў іхных і беззаконьняў іхных не згадаю болей» (Яўр. 8:12). Але Ён таксама кажа: «Як ня будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых» (Мацьф. 6:15).
Калі мы хочам, каб любоў вылівалася з нашых сэрцаў да сваіх родных, дык нам трэба навучыцца, як ставіцца да іх з Божай любоўю і вырашаць канфлікты, што ўзьнікаюць між намі і членамі сям’і. Гэта проста неабходна. Як гэта ўчыняць? Дазвольце мне даць вам параду. Перш за ўсё, муж і жонка павінны ўмовіцца час ад часу сустракацца для той мэты, каб абмеркаваць свае адносіны адно да аднаго. Гэты час трэба праводзіць спакойна ў месцы, дзе іншыя ня будуць іх турбаваць. Дарэчы, такія размовы могуць правесьці любыя члены сям’і, ня толькі муж і жонка.
Першае, што трэба рабіць, — гэта і мужу і жонцы выказаць і пацьвердзіць сваю глыбокую любоў адно да аднаго. Гэта перад тым, як гаварыць пра праблемы і даваць параду. Можна сказаць нешта накшталт такога: «Дарагенькая мая, я цябе люблю і нічога не хачу зрабіць, каб пашкодзіць маім з табой блізкім адносінам. Я лічу, што нам трэба вырашыць вось вядомую праблему, якая час ад часу падымаецца паміж намі». Сказаўшы гэта, жонка чуе і пераканаецца ў тым, што муж сапраўды любіць яе і хоча знайсьці вырашэньне для той нязгоды, якая непакоіць іх. Пачуўшы добрае слова ад яго, яна будзе гатовая з большай ахвотай слухаць тое, што ён скажа ёй.
Другое, і мужу і жонцы трэба быць гатовымі прызнаць сабе вінаватымі, калі ёсць на гэта прычыны. Каб прыйсьці да згоды і дазволіць любові разьвівацца паміж мужам і жонкай, кожны мусіць прызнаць сябе памылковым у дадзенай справе і таму прыняць сваю частку віны. А калі гэтага ня будзе, дык ня знойдуць вырашэньня для сваіх праблемаў і між імі любоў будзе памяншацца, пакуль яна і ня зьнікне.
Трэйцяе, выкажы тое, што турбуе цябе аб тым, што муж або жонка зрабіла. У гэтым трэба быць асабліва дакладным і спэцыфічным. Пазьбягай такіх заяваў, як: «Ты заўсёды такая неразумная і ніколі ня лічышся з маімі жаданьнямі». Калі так скажаш, дык выкажаш варожасьць супраць жонкі. Лепей сказаць: «Дарагенькая мая, мне проста не падабаецца, калі ты робіш рашэньні адносна дзяцей без майго ўдзелу, без размовы са мною». Вось гэта нешта спэцыфічнае, і жонка можа цяпер даць сваю рэакцыю на сказанае мужам. Калі нас нешта злуе аб мужу або аб жонцы і мы ня выкрываем гэтага яму або ёй, дык тая праблема з часам набярае сілу і стаецца вельмі сур’ёзнай. Найчасьцей у такім выпадку мы выходзім зь цярпеньня і выказваем тое, чаго лепей было-б не казаць. Сваю незадаволенасьць мы мусім выказваць родным, у гэтым няма нічога благога, але толькі пры той умове, што мы выказваемся роднаму або роднай у духу пакоры і пашаны да яго або яе. Не забудземася словаў апостала Паўла: «Апранецеся… у міласэрнасьць, добрасьць, мудрую пакору, лагоднасць, доўгую цярплівасьць, паблажаючы адно адному і даруючы ўзаемна».
Чацьвёртае, памалецеся разам аб праблеме і адно за другога. Хрыстос сказаў: «Калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго-б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах; бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх» (Мацьф. 18:19-20). Малітва за праблему ў сямейным жыцьці мае вялікую сілу зьмяніць нас, каб мы пачалі разумець адно аднаго. У малітве трэба прасіць Божага кіраўніцтва і сілы, бо часамі мы можам мець добры намер, але сілы выканаць яго ня мець. Такая сіла прыходзіць толькі ад Бога. У дзявятым разьдзеле Дабравесьця паводле Марка апавядаецца аб тым, як вучні Хрыстовы спрачаліся з кніжнікамі. Хрыстос запытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся зь імі?», на што адзін з вучняў сказаў: «Настаўнік! Я прывёў да Цябе сына майго, апанаванага да Сябе і ацаліў яго. Пасьля гэтага Ён сказаў вучням: «Гэты род ня можа выйсьці інакш, як ад малітвы і посту» (Марк. 9:14-29). Ці мы больш крычым адно на другога замест таго, каб памаліцца адно за другога. Падумаем кожны аб сабе, паважаны чытач!
Пятае, і мужу і жонцы, як і навогул — усім нам, трэба зразумець, хто ёсьць сапраўднымі нашымі ворогамі. Ня муж, ня жонка, а нашае эгаістычнае «я» і сатана. Вось яны нашыя ворагі. Трэба змагацца зь імі, а ня з мужам або з жонкай або зь дзецьмі. І ў нашых малітвах мы павінны прасіць Божай дапамогі пераадолець наш дух сябелюбнасьці і сатану.
Можа, дарагі сябра, ты пытаешся: ці такое жыцьцё магчымае? Калі глядзіш на наш сьвет, дык бачыш столькі несправядлівасьцяў, нават і ў сямейным жыцьці. Што рабіць? Самае важнае — гэта, перш за ўсё, навярнуцца да Хрыста праз увераваньне і паслухмянства Хрысту. Затым, трэба расьці ў хрысьціянскім духоўным жыцьці праз чытаньне Слова Гасподняга, праз малітву і адведваньнье царкоўных набажэнстваў. А ўдома хрысціянская сям’я павінна разам чытаць Слова Божае і маліцца. Тады жыцьцё для ўсіх станецца лагоднейшым і мілейшым.