Мы — розныя члены ў целе Хрыстовым

Бог устанавіў такі парадак у Царкве, што веруючыя ня могуць жыць асобна, адзін без аднаго. Аб гэтым апостал Павал піша ў некаторых месцах сваіх пасланьняў. Напрыклад, у 12–м разьдзеле Першага пасланьня да карынфянаў мы чытаем такія ягоныя словы: “Як цела адно, але мае многа членаў, і ўсе члены аднаго цела, хоць іх многа, складаюць адно цела… бо ўсе мы адным Духам хрысьціліся ў адно цела… цела не з аднаго члена, а з многіх. Калі нага кажа: я не належу да цела, бо я ня рука, дык няўжо яна таму не належыць да цела? І калі вуха скажа: я не належу да цела, бо я ня вока, дык няўжо яно таму не належыць да цела?… Членаў многа, а цела адно” (вершы 12–20).

Што гэтыя словы адкрываюць нам? Перш за ўсё, яны паказваюць, што кожны веруючы вельмі важны Богу. Мы памятаем словы апостала Пятра, што “…Богу не абліччы спадобныя, а ў кожным народзе той, хто богабаязны і робіць па праўдзе, да спадобы Яму” (Дзеян. 10:34–35). Усякі можа стацца Божым дзіцём, бо Гасподзь аднолькава ставіцца да кожнага чалавека. І калі хто веруе, ён стаецца важным членам Хрыстовага Цела, Царквы. У Божых вачах адзін веруючы не важнейшы за другога.

Па–другое, кожны з нас важны ня толькі Богу, але і іншым членам у Царкве. Памыляецца той чалавек, які лічыць сябе веруючым і кажа, што яму Царква непатрэбная, што ён сам у сваёй хаце можа жыць хрысьціянскім жыцьцём, чытаць Біблію і маліцца Богу і ня мець ніякага дачыненьня да мясцовай абшчыны веруючых. Апостал Павал піша, што як нага або вуха ня можа жыць асобна і ня можа ня лічыцца зь іншымі членамі цела, гэтаксама і веруючаму ня дадзена сьцьвярджаць, што ён можа служыць Богу без кантактаў і адносінаў зь іншымі веруючымі. Хадзіць на набажэнствы мясцовай абшчыны веруючых і прымаць удзел у царкоўным жыцьці неабходна.

Па–трэйцяе, важнасьць кожнага члена Царквы зьвязаная з тым, што кожны член мае нейкі Богам дадзены дар або дары, якімі ён павінен служыць іншым для іхняга дабра. Апостал Павал піша аб гэтым у вышэй прыгаданым 12–ым разьдзеле Першага пасланьня да карынфянаў. Ён кажа, што “дары ёсьць розныя, а Дух адзін і той самы… усё гэта дзее адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму заўгодна” (1 Кар. 12:4, 11). На жаль, ёсьць такія веруючыя, якія лічаць сябе бескарыснымі Царкве і Царству Божаму. Думаючы так, яны памыляюцца, бо апостал Павал піша, што Дух Сьвяты “надзяляе кожнага асобна”. Чым? Дарамі, г. зн. здольнасьцямі, якімі можна служыць людзям і Богу.

Заўважым яшчэ адну рэч. Веруючыя часта жадаюць мець нейкі доказ таго, што Дух Сьвяты сапраўды жыве ў іхніх сэрцах. Яны шукаюць азнакі Духа Сьвятога. Ці гэта добра або кепска? З аднаго боку, гэта можа стацца рэччу небясьпечнай, калі мы шукаем толькі азнакі Духа Сьвятого ў сабе. Часамі такія пошукі займаюць поўную ўвагу ў некаторых веруючых. Ці ж ня можна пайсьці задалёка ў такіх пошуках? Мне здаецца, што можна і часамі некаторыя веруючыя ставяць празьмерны націск на гэта. Памятайма, што паводле Слова Божага чалавек атрымлівае Духа Сьвятога па веры (Гал. 3:2–3; 2:20). Той, хто прыняў Хрыста, мае Хрыста ў сэрцы ў відзе Духа Сьвятога.

З другога боку, шуканьне азнакаў Духа ў сабе займае сваё адпаведнае месца. Ці Дух Сьвяты сапраўды жыве ўва мне? — можа быць здаровым пытаньнем. І які адказ можна даць на яго? Апостал Павал адказвае на яго, калі піша, што “кожнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць” (1 Кар. 12:7). І тут жа ён працягвае тлумачыць, што Дух Божы выяўляецца ў веруючым тым, што веруючы карыстаецца сваім Богам, дадзеным дарам на служэньне іншым у Царкве. Аднаму даецца слова мудрасьці, другому — слова веданьня, іншаму даецца моцная і дзейная вера і г. д. (2 Кар. 12:7–10). Дары розныя і кожны павінен прызнаць, што дар, дадзены яму, можа адрозьнівацца ад дару, дадзенага іншаму брату або сястры ў Целе Хрыстовым. Тое, што даецца Духам Сьвятым аднаму члену, ня горшае і ня лепшае за тое, што даецца другому. Таму тут жа няма чым хваліцца або ганарыцца. Усё залежыць ад Бога і адпавядае Ягонай дасканалай волі.

Калі Дух Божы выяўляецца ў нас пры карыстаньні дадзенымі нам дарамі ў служэньні іншым людзям і Царству Божаму, дык як павінны мы ставіцца да гэтага? Пакорна дзякаваць Богу за Ягоныя дары, прызнаючыся, што гэта не ад нас залежыць, а толькі ад Яго. Няма месца самахвальству аб тым, што мы карыстаемся нейкімі асаблівымі здольнасьцямі, якія магчыма адсутнічаюць у іншых. Гэта найвялікшы грэх, і Бог ня будзе дабраслаўляць і даваць посьпех такому веруючаму. Трэба карыстацца дадзенымі здольнасьцямі, але з пакорлівасьцю і ўдзячнасьцю Богу і на служэньне іншым людзям, замест сябе. Гэтак і піша апостал Пётр: “Служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай; калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім услаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя” 1 Пятр. 4:10–11.

Дарагі брат, дарагая сястра ў Хрысьце! Ці ты прызнаеш, што маеш ад Бога дар або дары? Калі настойваеш, што табе ня быў дадзены ніякі дар ад Госпада, дык моцна памыляешся. Гэта проста не згаджаецца з тым, што мы чытаем у Слове Божым. Ты маеш дар або дары ад Бога, калі жывеш у паслушэнстве Яму. Табе трэба даведацца, якімі дарамі ад Бога ты мог бы карыстацца дзеля разьвіцьця Царквы Хрыстовай. Гэта ўжо другое пытаньне, якое нам з табой трэба разгледзець у будучым. А калі прызнаеш, што атрымаў дар або дары ад Госпада, дык у якім духу карыстаешся імі і дзеля чаго і каго? Дзеля славы сабе або дзеля дабра іншых людзей? Бог усё бачыць і заўважае. Будзьма асьцярожны ў гэтым пытаньні. З Божай дапамогай і ў сапраўднай пакорлівасьці будзьма служыць іншым для дабра Царквы Хрыстовай, карыстаючыся дарамі–здольнасьцямі, якімі Бог даў кожнаму з нас.