Калi Бога няма, то што гэта значыць ?

Вельмі паважаныя чытачы! Сёньня я хацеў бы зьвярнуць увагу на пытаньне, якое шмат хто задае сабе і іншым. Пытаньне такое: калі нават існуе Бог, чаму нам падпарадкоўвацца Яму? Разумны адказ на гэтае пытаньне патрабуе сур’ёзнага разважаньня і сёньня я хацеў бы каментаваць першую частку пастаўленага запытаньня: ці існуе Бог?
У параўнаньні з тым, што казалі нам раней, цяпер ужо сталася даволі папулярным верыць у Бога, у тое, што Ён існуе. Але, тым ня менш, ёсьць нямала людзей, якія або зусім ня вераць у Яго або няпэўныя ў тым, ці Ён існуе ці не?
Давайце пачнём з дапушчэньня, што ніякага Бога няма, што гэта толькі тэарэтычная прапанова або ўзвышаная ідэя, якой трымаюцца рэлігійныя людзі. Якое значэньне такое дапушчэньне мела б? Яно мела б тое значэньне, што жыцьцё нашае выходзіць нейкім абсурдам, ня маючы асаблівага вечнага значэньня. Значыцца, мы нараджаемся, жывём і паміраем і на гэтым усё канчаецца для нас.
Нехта можа сказаць, што нават у такім выпадку жыцьцё чалавека набывае значэньне, калі ягонае жыцьцё карыснае ў дачыненьні да іншых людзей. Ён магчыма дапамагае іншым у іхніх цяжкасьцях і патрэбах. Гэта праўда, што калі глядзім на добрага чалавека, мы бачым у ягоным жыцьці нейкае годнае знанчэньне. Але трэба прызнаць, што з пункту гледжаньня вечнасьці станоўчыя рэзультаты ўсіх добрых учынкаў аднаго чалавека ў дачыненьні да другога ўсяроўна спыняцца. І нават тыя людзі, якія атрымалі дапамогу ад другога, перастануць існаваць. Хоць дапамога добрага чалавека мае нейкае значэньне сёньня, у будучыні яно будзе страчана. Што б толькі сёньня ні рабілася людзьмі, каб палепшыць нашае жыцьцё на зямлі, усё дасягнутае імі будзе зьнішчана і страчана, калі Бога няма. Усё закончыцца сваёй адпаведнай сьмерцю.
Вучоныя нават кажуць нам, што ня толькі мы памром, але і Сусьвет ідзе да канца. Яны сьцьвярджаюць, што Сусьвет у аб’ёме расшыраецца і колькасьць энэргіі і цяпла памяншаецца з кожным днём. Фізікі гавораць пра Другі пачатак тэрмадынамікі, паводле якога прызнаецца, што ў Сусьвеце энэргія пастаянна распаўсюджваецца або расходуецца. Гэта значыць, што яна распаўсюджваецца па ўсёй прасторы і прыйдзе час, калі Сусьвет дойдзе да стану так званай «цеплавой сьмерці». Значыцца, калі ня будзе ніякай зьмены ў толькі што апісаным працэсе, зямля і ўсякія формы жыцьця на ёй памруць. Ня ведаю, як ты, паважаны чытач, рэагуеш на такую верагоднасьць, але мне яна выходзіць крыху сумнай і магла б прывесьці мяне ў стан духоўнай дэпрэсіі.

1. Дык вось, калі Бога Творцы няма, нашае жыцьцё пазбаўлена сапраўднага вечнага значэньня. Ёсьць няверуючыя, якія кажуць, што такое прызнаньне няважнае, бо так яно і ёсьць. Яны тлумачаць, што мы ўсё ж можам прыдумаць сабе годнае значэньне жыцьця. Але ў такім разуменьні мы адразу сутыкаемся зь яўнай праблемай. Калі кожны можа прыдумаць сабе сваё асаблівае значэньне існаваньня на зямлі, дык у аднаго чалавека яно такое, калі ў другога інакшае. Хто з двух прыдумаў праўдзівае значэньне? Хто можа сказаць, што адно з двух праўдзівае, а другое ілжывае? Ніхто зь нас! Бяз Бога сапраўднага значэньня нашаму жыцьцю няма і ня можа быць.

2. Другі вынік перакананьня, што Бога няма, ёсьць праблема маральных цэннасьцяў. Мы ўсе прызнаём, што павінны жыць згодна зь нейкімі маральнымі прынцыпамі жыцьця. Напрыклад, большасьць людзей лічыць, што трэба паважаць іншых людзей, ня быць расістамі, дапамагаць іншым у тых выпадках, дзе можна. Але ізноў, калі Бога няма, мы сустракаем яшчэ другую праблему: хто зь людзей можа вызначыць, якія цэннасьці праўдзівыя і непраўдзівыя? Інакш кажучы, якія цэннасьці маральныя і якія амаральныя? Хто зь людзей карыстаецца правам вызначыць асаблівыя цэннасьці маральнымі і амаральнымі? Ніхто сярод нас!
Вось гэта паказвае, што чалавек мае патрэбу ў Богу. Толькі Бог, будучы нашым Творцам, можа вызначыць і ўдакладніць, якія цэннасьці маральныя і амаральныя. З гэтага вынікае тое, што калі хто сьцьвярджае, што Бога няма, у сапраўднасьці ён і адмаўляе рэальнасьць маральных і амаральных цэннасьцяў або законаў. Чалавек з такім паняцьцем можа дайсьці да таго ў сваім разуменьні, што ўсё яму стаецца дапушчальным. Няма ніякай затрымкі. Зло і дабро такому можа стацца адным і тым жа. З гісторыі нашага народа мы ўжо добра ведаем пра надта адмоўныя рэзультаты такога погляду.
3.Ёсьць і трэці вынік неіснаваньня Бога. Калі Яго няма, дык у будучыні відаць ніхто не пакарае ліхіх людзей за іхнія злачынствы і не ўзнагародзіць тых, хто жыў справядліва або несправядліва пакутаваў дзеля высокіх маральных прынцыпаў. Кожны з нас жыве з той надзеяй, што злачынцы калісьці будуць пакараны за свае злыя ўчынкі. Калі Бог ня існуе, дык кожнаму можна жыць, як яму здаецца найлепей. Але такі сьвет, дзе адсутнічала б усякая маральная адказнасьць, быў бы нешта страшэннае. Нават бязбожнікі жывуць зь нейкімі маральнымі прынцыпамі, хоць ня маюць канкрэтнай падставы сваім маральным пачуцьцям.

4.Чацьвёрты вынік неіснаваньня Бога тычыць справы мэты жыцьця. Калі Бога няма, дык і няма таго, дзеля чаго жыць. Гэта ня значыць, што ўсякі няверуючы ня мае ніякай мэты. Многія склалі сабе нейкую мэту, бо бязь яе ніхто ня можа жыць. Але ці яна сапраўдная, маючы вечнае значэньне і вынікі? Не! Бязбожнік жыве зь яўнымі супярэчнасьцямі. Напрыклад, ён ведае, што памрэ, але часамі пазычае веру сваіх бацькоў у нейкую бесьсьмяротнасьць, хоць сам ня мае падставы такому дапушчэньню. Як адзін філосаф выказаўся, што ўсьведамленьне, што жыцьцё канчаецца сьмерцю і на гэтым канец «недастаткова дзеля таго, каб хадзіць з паднятай галавой і працаваць так, быццам канца ня будзе»*
Які адказ хрысьціянства дае на такую дылему? Яно адказвае, што Бог сапраўды існуе! Ён ёсьць тая вечная першапрычына, які стварыў Сусьвет, зямлю, жыцьцё на зямлі і чалавека. Верачы ў Бога, чалавек атрымлівае здавальняючыя адказы на істотныя пытаньні свайго існаваньня.
Па­першае, ён спазнае сапраўднае вечнае значэньне жыцьця. Чалавек пры сьмерці не перастае існаваць. Ягоная душа працягвае сьвядома існаваць. Калі так яно і ёсьць, дык ён прызнае, што, жывучы на зямлі, усе ягоныя рашэньні і ўчынкі дадуць вечныя рэзультаты. Гэта застаўляе яго жыць маральнымі прынцыпамі цяпер, што і прыводзіць нас да другога важнага выніку існаваньня Бога Творцы.
Мы маем цэннасьці. Чалавек, які прызнае, што Бог існуе і што жыцьцё прадаўжаецца пасьля сьмерці, таксама прызнае, што чалавек ёсьць Богам створная і перад Ім маральна адказная істота, што злачынец будзе пакараны, а праведнік будзе ўзнагароджаны Богам.
Па­трэйцяе, калі мы прызнаём існаваньне Бога, жыцьцё набывае сапраўдную вечную мэту. Гэтая мэта ў тым, каб стацца і заставацца дзецьмі Божымі, любіць і служыць Богу і людзям. Усё гэта дае веруючаму надзею на лепшы сьвет і існаваньне ў будучыні. Самае важнае тут жа ў тым, каб мы ўверавалі ў Бога і прынялі Ягоны шлях збавеньня і жыцьця.
Дарагі чытач! Ці ты знаеш Бога? Увераваньнем і прыняцьцем Ягонага Сына Ісуса Хрыста за свайго Збаўцу і Госпада ты зможаш спазнаць Яго, жыць для Ягонай славы і пасьля адыходу з гэтай зямлі жыць шчасьліва на ўсю вечнасьць зь Ім у небе.